Создать сайт
Понравился? Нажмите -
@ADVMAKER@

БЛАКІТНЫ СКАРБ ЦЕЛЯХАНШЧЫНЫ / BLAKITNY SKARB CIELIACHANŠČYNY

Целяханскі край багаты азёрамі: вялікімі і малымі, глыбокімі і плыткімі, вядомымі і не зусім... Усяго на Целяханшчыне налічваецца 6 азёр (Выганаўскае, Бабровіцкае, Лунёва, Вулькаўскае, Сомінскае і Гуткінскае). Са штучных вадаёмаў вядомы вадасховішчы Аброва і Гошча, Гортальская сажалка да процьма дробных сажалак і копанак. Ніжэй пойдзе гаворка аб кожным з іх...

ВЫГАНАЎСКАЕ ВОЗЕРА / VYHANAŬSKAJE VOZIERA

Выганаўскае возера – самы буйны вадаём Івацэвіцкага раёна і адно з буйнейшых азёр на Палессі. Размешчана яно на паўночным усходзе раёна ў 5 кіламетрах на поўнач ад вёскі Выганашчы сярод  неабсяжжных тарфяных балот. Гэта плыткі вадаём тыпу возера-разліва. Катлавіна авальнай формы мае простыя і плаўныя абрысы, якія парушаюцца на паўночным  захадзе узбярэжжа вузкім залівам Нага глыбінёй у 1 метр. Даўжыня берагавой лініі складае 21 км. Плошча люстра 26 км². На ўсім працягу берагі нізкія (не вышэй 0,5 метраў), тарфяністыя, цяжкадаступныя, парослыя хмызняком, месцамі сплавінныя, зліваюцца з такімі ж нізкімі схіламі. Вадазбор возера мае плошчу 61,1 км² і ўяўляе сабою плоскую, нізінную, забалочаную раўніну, складзеную пяшчана-гліністымі і тарфяністымі адкладамі. Падводная частка катлавіны мае блюдцападобную форму. На большай яе частцы пераважаюць глыбіні 1-1,5 м; на захадзе і паўднёвым захадзе мноства мелей, ледзь пакрытых вадой. Усходняя частка адрозніваецца больш выраўненым рэльефам. Тут адзначана максімальная глыбіня возера – 2,5 метраў. Характарызуючы гідралагічны рэжым возера, першым чынам варта сказаць пра яго водападзельнае становішча становішча паміж басейнамі дзвюх рэк – Шчары і Ясельды. Асаблівасці гідралагічнага рэжыму складаюцца пад уздзеяннем штучнага рэгулявання ўзроўня з дапамогай плаціны на Агінскім канале. Увесну, падчас паводкі, плаціна на канале адкрываецца і ў возера паступае вада з ракі Шчары. Сцёк па канале ў раку Ясельду тым часам малаважны. Пасля мінання піка паводкі плаціну зноў зачыняюць да наступнай вясны.У гэты перыяд сцёк з возера адсутнічае, выдатак вады ідзе за кошт выпарэння. На паўночным усходзе ў возера ўпадае невялікая рачулка Кляцічна. Прыкметную ролю ў водным балансе яна мае толькі ў перыяд вяснавога разводдзя. 

У цэлым возера Выганашчанскае добра праточнае. Штучнае рэгуляванне ўзроўня спрыяе захаванню экасістэмы возера. Возера Выганашчанскае моцна зарастае. Каля 80 % плошчы ложа пакрыта воднай расліннасцю. Распаўсюджванне расліннасці некалькі стрымліваецца нізкай празрыстасцю. Вельмі шырокае развіццё атрымала сплавіна, якая пазарастала мячэўнікам, чаротам, трыснёгам. У асобных месцах яе шырыня дасягае 100-200 м, а магутнасць перавышае 0,5 метраў. Падчас моцных вятроў участкі сплавіны адрываюцца ад берага і ўтвараюць своеасаблівыя плывучыя астраўкі. Іхтыяфауна возера карасёво-ліневая. З 1953 года яно зарыбляецца срэбным карасём, за кошт якога рыбопрадуктыўнасць моцна павялічваецца. Акрамя карася ў возеры водзяцца шчупак, лінь, язь, лешч, акунь, плотка і іншыя рыбы. Сустракаюцца і ракі. Выганашчанскае возера размешчана ў сярэдзіне маланаселенага, з прычыны сваёй забалочанасці, раёна. Таму на яго рэжым не аказваюць уздзеянні рознага роду забруджвання воднай масы, уплыў чалавека адбіваецца галоўным чынам праз наступствы асушальнай меліярацыі навакольнай тэрыторыі. Сёння возера знаходзіцца ў складзе Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка "Выганашчанскае".

 

БАБРОВІЦКАЕ ВОЗЕРА / BABROVICKAJE VOZIERA

Другім па плошчы возерам Івацэвіцкага раёна з’яўляецца Бабровіцкае. Яно размешчана ў 10 кіламетрах на паўночны захад ад г.п. Целяханы. На поўдзень ад возера размешчана вёска Бабровічы. Бабровіцкае возера адносіцца да ліку неглыбокіх, але значных па плошчы азёр. (9,47 км2). Катлавіна мае форму, блізкую да трохкутніка, вяршыня якога накіравана на паўночны ўсход. У цэлым простыя і плыўныя абрысы берагавой лініі ўскладнены паўвостравам, якія ўдаецца ў возера на паўночным усходзе. Схілы катлавіны, як і берагі, амаль на ўсім працягу нізкія, няяўна выяўлены ў рэльефе, часта забалочаны і зліваюцца з берагамі. Агульны нізінны характар парушаецца з паўночна-усходняга берага, дзе ў возера выступае невялікі па плошчы паўвостраў, які ўзвышаецца на 12 метраў над урэзам вады. Уздоўж паўднёва-заходняга, заходняга і часткова паўночна-заходняга берага працягваецца берагавы вал, які месцамі дасягае вышыні 3 метраў. Падводная частка катлавіны мае выраўненную, амаль плоскую форму. На паўночным усходзе, блізк паўвострава, агульны плоскі характар рэльефу парушаецца карставай западзінай лейкападобнай формы з максімальнай глыбінёй 8 метраў. Некалькі паўночней западзіны адзначаецца невялікае ўзняцце дна, якое з’яўляецца падводным працягам паўвострава, які падзяляе возера на два залівы: вялікі, паўднёвы, завецца Губа, паўночны – Бярозаў. Асноўную плошчу займаюць глыбіні 2-4 метры, на долю глыбінь больш 4 метраў даводзіцца ўсяго 8-10 % плошчы ложа.

Вадазбор возера складае 69,7 км², на 51 % заняты лесам і хмызняком, 48 % знаходзіцца пад балотамі і забалочанымі землямі. Рэльеф вадазбору аднастайны – плоская, забалочаная, нізінная раўніна, складзеная пяшчана-гліністымі і тарфяністымі адкладамі. На некаторых месцах сустракаюцца ўчасткі развяваемых пяскоў. Амаль уся паўночная палова вадазборнай плошчы занята шырокім балотам Пагоня. Па гэтым балоце праходзіць водападзел паміж азёрамі Бобровіцкае і Выганашчанскае. Яно пакрыта сеткай меліярацыйных каналаў, якія маюць сцёк у абодва азёры. У паўночнай частцы заліва Берозаў бярэ пачатак канал Дзявяты, праз які Бобровіцкае возера злучана з ракой Грыўдой – прытокам Шчары. Глыбіня канала ў месцы вытока з возера 1,3 м. У цэлым возера слабопраточнае. Іхтыяфауна возера карасевая. Падчас нагульнага перыяду падсаджваецца срэбны карась. У 1971 годзе яно зарыблялася сягалеткам пярэстага таўсталобіка і белага амура. Акрамя таго возера насяляюць лешч, шчупак, плотка, акунь. Возера Бобровіцкае некалькі больш падвяргаецца ўплыву антрапагеннага фактару, чым размешчанае побач Выганаўскае. Звязана гэта галоўным чынам з шырэйшым распаўсюджванне на яго вадазборы земляў, прыдатных для ўзворвання. Каля возера знаходзіцца вёска Бобровічы.  

 

ВОЗЕРА ЛУНЁВА / VOZIERA LUNJOVA

Возера Лунёва знаходзіцца ў 17 км на паўночны ўсход ад мястэчка Целяханы на крайнім паўночным усходзе раёна. Па возеры праходзіць мяжа паміж Івацэвіцкім і Ганцавіцкім раёнамі. Па паходжанню Лунеўскае возера адносіцца да азёраў-разліваў. Пра што сведчыць яго нязначная глыбіня, знаходжанне ў моцна забалочанай мясцовасці. Плошча люстра возера складае 13 гектараў. Найбольшая даўжыня возера 400 метраў, шырыня – 350 метраў.

Глыбіня возера не перавышае 1,5 метраў. Берагі возера моцна забалочаны, сплавінныя месцамі  парослыя трыснягом. Знаходзіцца возера сярод альхова-бярозавага лесу. Возера слаба праточнае. Праз возера праходзіць моцна зарослы меліярацыйны канал.

 

ВУЛЬКАЎСКАЕ ВОЗЕРА / VULKAŬSKAJE VOZIERA

Вулькаўскае возера знаходзіцца на ўсход ад вёскі Вулька-Целяханская, або за 1 км на поўнач ад мястэчка Целяханы ў басейне ракі Ясельда. Гэты 3-ці па плошчы азёрны вадаём Івацэвіцкага раёна. Размешчана яно на плоскахвалістай водна-ледніковай раўніне з дзюнамі, марэннымі ўзгоркамі, катлавінамі і лагчынамі. Катлавіна возера карставага паходжання, авальнай формы, выцягнута ў мерыдыянальным накірунку. Схілы катлавіны вышынёй да 5 метраў, пясчаныя, на поўначы тарфяністыя, пераважна пад хваёвым лесам і хмызняком, месцамі (на ўсходзе) разараныя. Берагі возера высокія, пясчаныя, парослая пераважна аерам, маннікам, месцамі трыснягом і чаратамі. Вузкая літаральная паласа складзена пяскамі, а глыбей залягаюць аліўкавыя сапрапелі і чорны глей.

З поўначы на поўдзень праз возера праходзіць Агінскі канал. З поўначы ў возера ўпадае яшчэ 3 невялікія, моцна зарослыя канавы, значэнне якіх у гідралагічным рэжыме возера выяўляецца толькі вясной. Плошча люстра возера каля 0,5 км2. Найбольшая даўжыня возера складае 1 км, а шырыня – каля 700 м. Даўжыня берагавой лініі каля 2,8 км. Найбольшая глыбіня возера каля 24 метраў. Па гэтаму паказчыку Вулькаўскае возера знаходзіцца на 2 месцы ў раёне і вобласці Сярэдняя глыбіня – 6 метраў. Аб’ём вады ў возеры – 3,12 млн. м3. Плошча вадазбору 145,9 км2. Вадазбор пераважна знаходзіцца пад лесам, невялікая яго частка забалочаная. Іхтыяфауна возера дастаткова разнастайная. Пераважаюць акунь, лешч, плотка, карась, шчупак, лінь. У возеры водзяцца ракі. На заходнім беразе размешчана зона адпачынку.

 

СОМІНСКАЕ ВОЗЕРА / SOMINSKAJE VOZIERA

Знаходзіцца каля вёскі Соміна (за 5 км на паўночны усход ад мястэчка Целяханы) Івацэвіцкага раёна ў басейне ракі Ясельда. Катлавіна Сомінскага возера карставага паходжання, мае авальную форму і выцягнута з паўначнага захаду на паўднёвы усход. Схілы катлавіны вышынёй да 2 метраў пераважна пад хмызняком на паўночным захадзе возера разараныя. Катлавіна возера да глыбіні 10 метраў выслана пясчанымі або апясчаненымі адкладамі, глыбей – аліўкавымі і чорнымі сапрапелямі. Берагі нізкія, забалочаныя, на поўначы і поўдні не выражаны, на захадзе і ўсходзе палогія. Берагавая расліннасць прадстаўлена пераважна трыснягом (па ўсёй працягласці берагавой лініі).

Падводная расліннасць распаўсюджваецца да глыбіні 4 метраў.Плошча люстра возера складае 0,46 км2. Найбольшая глыбіня возера каля 33,5 м. Сомінскае возера самае глыбокае возера Брэсцкай вобласці і ўваходзіць у дзесятку самых глыбокіх азёр Беларусі. Плошча вадазбору возера 4,8 км2. Вадазбор забалочаны, пераважна заняты лесам і хмызнякамі, месцамі разараны.

 

ГУТКІНСКАЕ ВОЗЕРА / HUTKINSKAJE VOZIERA

Возера Гуткінскае знаходзіцца каля вёскі Гутка Івацэвіцкага раёна (9 км на ўсход ад мястэчка Целяханы). Катлавіна возера мае авальную форму і выцягнута з поўначы на поўдзень. Магчыма катлавіна мае карставае паходжанне. Паўночныя берагі возера высокія, паўднёвыя забалочаныя і парослыя хмызняком. Заходні бераг зарастае пераважна рагозам, а усходні трыснягом.

Плошча люстра возера складае 5 гектараў. Найбольшая даўжыня возера 290 метраў, шырыня – 270 метраў. Найбольшая глыбіня возера каля 3 метраў. Возера праточнае: з поўначы на поўдзень яго перасякае меліяратыўны канал.
падрыхтаваў Аляксандр Мялік
выкарыстанная літаратура
1. Блакітная кніга Беларусі. Энцыклапедыя.  Мінск, 1994
2. Блакітны скарб Беларусі. Энцыклапедыя.  Мінск, 2007
і ўласныя даследаванні...


08.02.2013
Просмотров (353)